На шляху чалавечай творчасьці вырастала перашкода ў постаці, хочучай валадаць формы. І форма захапляла жыцьцё, дыктавала свае ўмовы. А чалавечая душа рвалася з яе кайданоў, хацела спарадкаваць жыцьцё так, як казала ўласнае сумленьне, хацела ісьці за сваімі ўласнымі імкненьнямі, чула, што гэта — непатрэбна «зьвязаваць ярма цяжкія і незнасімыя і ўскладаць на плечы людзям». І ўцякала ад гвалцячага жыцьця, шукала свайго ратунку.
Тыя погляды, якія тут выяўлены, шмат каму здадуцца анархізмам. Ад гэтага шыльду, як ад кожнае іншае вызначаючае формы, трэба адмовіцца, бо ён мае ўжо свой перакручаны жыцьцёвы зьмест, і заместа развагі лепей прывесьці для зьясьненьня такую расейскую частушку:
«Анархистик утащил
Полушубок тёткин,
Ах, тому ль его учил
Господин Крапоткин?»
Пеўна, што выпрашэньне будучыны — ў зьніштажэньні прымусу, ў аб'яднаньні ўсяго грамадзянства для здаваленьня яго патрэб у такія грамады, якія падобны да сучасных каапэратываў. Кожны павінен быць вольны ў сваіх жаданьнях. Ніякіх прымусовых ахвяр, ніякіх багоў не павінна быць. Вытвар, гандаль, прасьвета, гаспадарчыя патрэбы здаваляюцца вольнымі аб'яднаньнямі спажыўцоў і вытварцоў.